Урокі малявання і урокі жыцця, якія ідуць побач
"Калі б мне хто-небудзь прадказаў, што я буду выкладаць, я рассмяялася б яму ў твар і сказала: "Ілжэц ты апошні!"
Знаёмцеся: Таццяна Васільеўна Вайтэнка. Выкладчыца выяўленчага мастацтва і айчыннай і сусветнай мастацкай культуры мінскай Гімназіі № 75 з архітэктурна-мастацкім ухілам. Скончыла архітэктурны факультэт політэхнічнага інстытута і атрымала размеркаванне ў аддзел эстэтыкі на завод Гарызонт" (аддзел займаўся афармленнем інтэр’ераў офісаў і кабінетаў, а таксама эстэтычнай арганізацыяй асноўнай вытворчасці). Падчас работы на заводзе яна выкладала жывапіс і малюнак у прыватнай мастацкай школе ў мікрараёне Уручча. У 1995 годзе на “Гарызонце” прайшла апошняя хваля скарачэнняў, і ўвесь аддзел эстэтыкі быў звольнены. У гэты неспакойны час на пачатку 1990-х многім давялося цяжка, але...
"Я шчаслівы чалавек, — гаворыць Таццяна Васільеўна, — ніколі не шукала работу – яна знаходзіла мяне сама. Ад знаёмых паступіла прапанова паехаць у дзіцячы лагер “Гарызонт”. I паехала, і вяла студыю выяўленчага мастацтва. Потым лёгка ўладкавалася настаўнікам малявання ў гімназію № 42. Першапачаткова прыйшлося цяжка: калі работа ў аддзеле – гэта цішыня ў атачэнні кульманаў і планшэтаў, то работа ў школе з дзеткамі можа стаць шокам ад шуму-гаму і віруючай энергіі дзесяткаў і сотняў малых, асабліва калі вядзеш 22 класы".
У гімназію № 75 Таццяна Васільеўна Вайтэнка прыйшла працаваць (а дакладней – яе запрасілі) у 2000 годзе.
“Перад паступленнем у першы клас дзеткі праходзяць субяседаванне, прыносяць свае малюнкі. Але як можна ацаніць работу шасцігадовага дзіцяці, выявіць яго патэнцыял? У прынцыпе, ніяк. Маленькія дзеткі ўсе таленавітыя. Гэта мы вырастаем абы ў каго”.
Вучоба ў гімназіі з архітэктурна-мастацкім ухілам мае свае асаблівасці: ужо з першага класа пачынаюцца заняткі па малюнку, а ў старшых, акрамя абавязковых заняткаў па малюнку (два разы на тыдзень) і жывапісе (таксама два разы на тыдзень), дадаюцца такія прадметы, як індывідуальная кампазіцыя, макетаванне, мастацкая праца, айчынная і сусветная мастацкая культура (яна вывучаецца тут больш паглыблена, чым у звычайных школах), лепка, чарчэнне і г.д.
Даволі часта здараецца так, шго дзеткі вымушаны адказваць за амбіцыі сваіх бацькоў: у гімназіі яны вучацца толькі таму, што мама і тата марылі “запіхнуць” сваё дзіця ў спецыялізаваную школу – а ў якую, гэта ўжо няважна. “Ведаеце, але нават у навучанні такіх дзяцей, якія не бачаць свайго прызначэння ў мастацтве ці архітэктуры, ёсць сваё рацыянальнае зерне, - адзначае Таццяна Васільеўна. – У мяне вучыўся хлопчык Мікіта. Вось пачынаюцца заняткі па жывапісе, дзеці прыйшлі, селі за мальберты, пачалі пісаць. А ён лёг на мальберт. Я падыходжу да яго: 'Мікіта, ну што ты?". А ён мне: “Таццяна Васільеўна, я гатоў капаць, насіць, прыбіраць – рабіць што заўгодна, толькі не маляваць”. Я выклікала яго бацькоў: “Што ж мы мучаем дзіця? Навошта? Можа, ён будучы Жабацінскі, а мы яго тут з гэтымі пэндзлікамі...” “Ведаеце, — кажа маці Мікіты, — ваша школа ўжо трэцяя, ён ужо быў і ў музычнай, і ў спартыўнай...” Гэтай восенню мы выпадкова сустрэліся з Мікітам на БелЭКСПА – ён зараз вучыцца ў каледжы па спецыяльнасці "Дызайн мэблі і дрэваапрацоўка" – як бачыце, даволі блізка да профілю нашай гімназіі. Такім чынам зерне, кінутае нават у такую заняпалую зямлю, дало свае парасткі...
Чаму, калі ваша дзіця марыць стаць архітэктарам ці мастаком, лепш аддаць яго ў спецыяльную гімназію, чым марнаваць час у мастацкай школе, якую ён будзе наведваць, у лепшым выпадку, два разы на тыдзень? Так, мастацкія школы прывіваюць эстэтычны густ, даюць уменне маляваць... Але асноўная задача мастацкай школы – вучыць так, каб дзіцяці было цікава, таму мастацкія школы платныя. Наша задача – даць веды ў адпаведнасці з праграмай. I тут нас абсалютна не цікавіць, выбачайце за такі каламбур, цікава дзіцяці ці не. Вось перад вамі перспектыўны малюнак. Вам вельмі цікава зэдлік маляваць? Ці два зэдлікі? Але гэта праграма. I мы не пытаем: “Хлопчык, ты хочаш зэдлік маляваць?...”
“Калі працуеш, пачынаеш жыць у праекце, разважаеш, а як там жылі людзі, якхадзілі, што рабілі. Макет становіцца тваім дзіцем”
У гімназіі № 75 работа над выпускным дыпломным праектам у 11 класе не можа займаць часу менш за стандартныя дзевяць месяцаў навучальнага года — звычайная студэнцкая "халялява", калі дыпломны ці курсавы праект "скачваецца" з Інтэрнэта і дапрацоўваецца за тыдзень, тут не пройдзе. Дні і вечары вучні мусяць праводзіць сам-насам са сваім праектам, жыць з ім адным папяровым жыццём. Чаму “папяровым”? Даволі часта ў якасці дыплома вучні выбіраюць работу над макетам-рэканструкцыяй знакамітага помніка беларускай архітэктуры, напрыклад, замка ці манастыра, - такі макет звычайна робіцца з паперы і кардону.
Таццяна Васільеўна курыруе дыпломнікаў, якія абралі для сябе ў якасці дыпломнага праекта макет-рэканструкцыю. Работа пачынаецца, зразумела, з пошуку аб’екта — сядзібы, маёнтка. Такіх “аб’ектаў” (на самай справе, пісаць “аб’ект” зусім не хочацца, бо размова ідзе пра будынкі з гісторыяй, з цікавым лёсам, а такія будынкі з мёртвых архітэктурных аб'ектаў ператвараюцца ў жывых асоб) на Беларусі сапраўды шмат. Пра іх мы можам прачытаць у спецыяльных падручніках па гісторыі архітэктуры ці ў энцыклапедыях, а ўбачыць, якім яго задумаў бацька-архітэктар, звычайны чытач наўрад ці ў стане, бо дастаткова цяжка з сухога і даволі слецыфічнага слоўчана (калі на дапамогу прыйдзе настаўнік). Надыхаўшыся архіўным пылам, вучань разам з кіраўніком едуць “на месца”, паглядзець, як выглядае іх мадэль сёння. Даволі часта стан архітэктурнага помніка пакідае жадаць лепшага, а прасцей кажучы – стан аказваецца безнадзейным. Будынак фатаграфуецца звонку і знутры ў розных ракурсах – на аснове гэтых фотаздымкаў, а таксама старых архітэктурных планаў і будзе весціся далейшая работа па рэстаўрацыйным макетаванні.
Старанна вычэрчваюцца планы і разгорткі сцен, робіцца праекціроўка знешняга выгляду будынка. Потым на аснове разгортак збіраюцца-склейваюцца дамы-домікі, платы-агароджы-штакетнікі, дахі-шпілі і г.д. Самае складанае – выразаць акенцы. Яны надта маленькія, не больш за паўтара сантыметра, а трэба павыразаць з іх квадрацікі, пакінуўшы тонкі шкілет пераплёту – работа для манікюрных нажніц і пальцаў ювеліра. А “дрэвы” (у маёнтках жа былі прысады!) — сапраўды “вырастаюць” з каранёў: ад вялікага кораня адразаецца кавалак з дастатковай колькасцю парасткаў, якія нагадвалі б галіны. Апошняе, але не менш значнае, - "па-садзіць" асобныя макеты будынкаў на агульны планшэт.
Якія матэрыялы звычайна выкарыстоўваюцца ў такой рабоце? Зразумела, найбольш шыкоўна выглядаў бы пластык, але гэта матэрыял даволі дарагі, таму ў ход ідуць прывычныя яшчэ з часоў урокаў працы кардон і папера, а таксама тканіны (сукно), пенапласт (яго дзяруць на тарцы – так атрымліваецца снег) ды плёнка-ракал (дае эфект мармуру).
У выніку атрымліваецца папяровы цуд памерам прыкладна метр на метр. Калі паставіць усе макеты побач, то, гледзячы на іх, адчуеш сябе Гуліверам сярод ліліпутаў. Мінулае выглядае такім далікатным, беласценным і элегантным.
Першы макет-рэканструкцыю зрабіў Максім Івуць: гэта была сядзіба Краскі, што знаходзіцца ў Валожынскім раёне (хлопчык часта ездзіў каля яе на дачу). Потым была работа над такімі праектамі, як домік летняга пражывання Румянцавых (праект Вольгі Ягорынай), Рэпінскі домік у Здраўнёве (работа Веранікі Цэхановіч), Быхаўскі замак (аўтар макета Юля Навацкая нават выступапа з абаронай сваёй работы на гарадской навукова-практычнай канферэнцыі), Пустынкаўскі мужчынскі манастыр (Света Гладкая), сядзіба Альберцін пад Слонімам (Ілона Розум)... Зараз амаль усе гэтыя работы знаходзяцца на выстаўцы ў актавай зале гімназіі.
На сёння макет-рэканструкцыю палаца Тызенгаўзаў замовілі Паставы. У сярэдзіне XIX стагоддзя палац меў і аранжарэю, і звярынец, дзе жылі мядзведзі, і парк з паўлінамі – штодзённая раскоша сярэднестатыстычнага заможнага еўрапейскага двараніна. Зараз у будынку палаца размяшчаецца пастаўская бальніца, але энтузіясты мараць стварыць там краязнаўчы музей. Амаль цэнтральным прадметам музейнай экспазіцыі стане макет вучаніцы 11 класа гімназіі № 75 Насці Шпакоўскай. Памер макета (пры маштабе выканання 1:100) будзе складаць прыкладна 1,4 на 1,9 метра. Як жартуе Таццяна Васільеўна, у машыну хуткай дапамогі макет павінен увайсці (бо цяжка ўявіць сабе нейкі іншы сродак для транспарціроўкі такога далікатнага грузу, як вялікі макет з паперы і кардону).
Ёсць яшчэ адна цікавая ідэя (пакуль што, па словах Таццяны Васільеўны, "эфемерная") – зрабіць макеты рэканструкцыі старых мінскіх чыгуначных вакзалаў – Лібава-Роменскага, Брэст-Літоўскага і Савецкага. Зараз гэтыя вакзалы - гісторыя, і чым далей будзе рухацца час, тым хутчэй гэтая гісторыя будзе забывацца. Ужо знайшліся тры дзяўчынкі-дзесяцікласніцы, якія будуць рабіць праект "навыраст", бо работа ўскладняецца яшчэ і тым, што, акрамя малой колькасці няякасных фотаздымкаў, амаль ніякай інфармацыі пра вакзалы не захавалася.
"Пра тое, што мы робім, амаль ніхто не ведае! Я ж не буду бегаць і крычаць: "Народ, а можа, макецік маёнтачка каму патрэбен?! Мы зробім!"
На самай справе, усё гучыць вельмі здорава і пафасна: памяць продкаў, гістарычная спадчына... Гэтыя словы паўтараюцца на розных пасяджэннях і канферэнцыях, гучаць з вялікіх трыбун, але... Словы, словы, словы. Ненадзейныя. Бо вельмі актыўнае выкарыстанне нават яркіх і прыгожых олоў ператварае іх у штамп, з полымя – у попел. Таццяна Васільеўна Вайтэнка і яе вучні, яе выпускнікі не гавораць гучных словаў. Яны сумленна робяць сваю справу па захаванні гістарычнай спадчыны нашай краіны. Толькі работа гэтая, на жаль, мала каму вядома. Сапраўды, не выходзіць жа на плошчу з рэкламнымі заклікамі.
“Колькі на Беларусі існуе краязнаўчых музеяў? А гістарычных музеяў?—усклікае ТаццянаВасільеўна. – I ў кожным з іх экскурсавод раскажа вам, што былі ў нашай краіне такія і такія маёнткі. XVIII-XIX стагоддзі на Беларуси – гэта ж вялікі пласт культурнага архітэктурнага жыцця. Будынкі, палацы – цікава было б не толькі паслухаць пра іх, але і паглядзець на іх. Вось, напрыклад, Пустынкаўскі мужчынскі манастыр, макет якога зараз стаіць у актавай зале гімназіі. Ну, няхай год ён яшчэ прастаіць, няхай два гады... Але ж гэта папера... Зараз у манастыры жывуць 5 манахаў і каля дзесятка рабочых. Пустынкі – помнік архітэктуры рэспубліканскага значэння. Існуе праект рэканструкцыі, паводле якога манастыр пакрыху аднаўляецца. I перш за ўсё аднаўляецца жыллё - келлі. Але, на жаль, аднаўленне ідзе не ў адпаведнасці з мастацкім стылем, з асноўнай планіроўкай. Вось ёсць у іх квадратнае акенца, яны і ўставяць квадратнае акенца. Потым ім хтосьці падорыць доўгае акенца — яны і ўставяць доўгае акенца, таму што патрэбны вокны. Будынку, каб у ім можна было жыць, патрэбны вокны! А тое, што гэтыя вокны розныя і не адпавядаюць архітэктурнаму стылю будынка, нікога не хвалюе. Архітэктары, якія займаюцца рзстаўрацыяй, спачатку спрачаліся з насельнікамі манастыра, а потым махнулі рукой. А вось калі б у манастыры стаяў наш макет, яны б не сталі ўжо так змяняць знешні выгляд помніка архітэктуры, нават нягледзячы на праблемы з жыллём. Да таго ж у Пустынкі наведваецца дастатковая колькасць паломнікаў — памаліцца і папіць святой вады. Манастыр зараз знаходзіцца не ў самым лепшым стане, а людзі маглі б убачыць, якім сапраўды прыгожым і велічным ён быў, уявіць яго слаўнае мінулае з дапамогай нашага макета. Але складваецца ўражанне, што нікому гэта не патрэбна..."
"Вось глядзіце, я вам скажу: "Дзетачка, давай маляваць работу на конкурс. Не, ты не пойдзеш гуляць. Ты мусіш кожны дзень заставацца ў школе і маляваць некалькі гадзін. А потым твая работа – у трубу. Будзеш хадзіць?"
Каб пералічыць усе мастацкія конкурсы (гарадскія, рэспубліканскія, міжнародныя...), у якіх удзельнічалі і атрымалі ўзнагароды вучні Таццяны Васільеўны Вайтэнка, спатрэбіцца шмат часу: "XXI стагоддзе – без рабства", "Індыя – якой яе бачу", "Беларусь-2006. Дзень Зямлі", "Лідэр XXI стагоддзя", міжнародныя конкурсы ў Польшчы, Македоніі, Славеніі, Японіі і інш. Дарэчы, што тычыцца міжнародных конкурсаў, удзёльнічаць у іх прэстыжна, але ўзнікаюць нечаканыя праблемы. "Возьмем, напрыклад, міжнародны конкурс малюнкаў у Македоніі, - расказвае Таццяна Васільеўна. — Наша гімназія бярэ ў ім удзел вось ужо на працягу чатырох гадоў. Арганізатары выставілі такую ўмову: на конкурс ад школы павінна выстаўляцца не менш за дваццаць работ. Гэта пры тым, што заваюе нешта толькі адна-дзве. Такім чынам аўтаматычна 18 работ аказваюцца ні з чым. Але ўсё роўна ўдзельнічаць трэба, і адпраўляць работы таксама трэба. А работы з міжнародных конкурсаў не вяртаюцца. У дзевятым класе вучыцца ў мяне Аня Пятроўская. Таленавітая старанная дзяўчынка. Яна ўдзельнічала і ў экалагічным конкурсе ў Японіі, і ў конкурсе "Іншы логляд" у Польшчы. У Ані ёсць дыпломы, але яны не адпавядаюць укладзенай працы. I яна мне гаворыць: 'Таццяна Васільеўна, я не буду больш удзельнічаць у конкурсах". Тое, што яна не будзе маляваць на конкурсы, — гэта яшчэ паўбяды. Горш тое, што з яе, як з шарыка, выйшла паветра. Знікла жаданне, унутранае гарэнне, імкменне да перамогі..."
Размова наша атрымалася нечакана вострай і няпростай. А галоўны яе вынік у тым, што ўрокі малявання і ўрокі жыцця могуць ісці побач і нават спалучацца, калі разам з табой крочыць абаяльны і неабыякавы настаўнік.
АленаСАСНОЎСКАЯ, Надзея МАХНЮК.