
30.05.2017
Адкрыцце мемарыяльнай дошкі "Масленікаў Павел Васільевіч"







30 мая 2017 года ў сценах Дзяржаўнай установы адукацыі «Гімназія № 75 г. Мінска імя Масленікава П.В.» адбылося ўрачыстае свята з нагоды адкрыцця мемарыяльнай дошкі ў гонар прызнанага майстра пейзажнага жывапісу і тэатральна-дэкарацыйнага мастацтва Беларусі ХХ стагоддзя, народнага мастака, кандытата мастацтвазнаўства, дацэнта, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Паўла Васільевіча Масленікава.
Ганаровымі гасцямі свята сталі: Пракапцова Вера Паўлаўна, доктар мастацтвазнаўства, дачка Паўла Васільевіча; Баразна Міхаіл Рыгоравіч, рэктар Беларускай дзяржаўнай Акадэміі мастацтваў; Благарэнка Галіна, студэнтка Беларускай дзяржаўнай Акадэміі мастацтваў, аўтар памятнай мемарыяльнай дошкі.
Не проста так чалавек прыходзіць у свет, крочыць па ім, пакідаючы ўласныя сляды. Ёсць адбіткі крокаў, якія хутка знікнуць. Але ёсць і іншыя сляды, якія называюцца памяццю. Сляды, пакінутыя Паўлам Васільевічам, будуць жыць у памяці блізкіх і родных яму, вучняў, звычайных людзей, гарэць нязгасным полымем павагі і ўдзячнасці.
Углядаючыся ў карціны Паўла Васільевіча, адчуваеш, як дотык пэндзля майстра выпраменьвае дух, абуджае цэлы свет пачуццяў, хваляванняў, мрояў. Часам ловіш сябе на думцы, што можна пачуць пошум лесу, і пачынаеш думаць аб нечым сваім, патаемным, глыбінным. Гэта светлы сум, які дорыць радасць.
Права адкрыць мемарыяльную дошку было прадстаўлена Пракапцовай Веры Паўлаўне, маладому скульптару Благарэнка Галіне і дырэктару гімназіі Васілію Генадзьевічу Ананька.