
18.03.2021
Літаратурная гасцёўня “Музей звычайнага чалавека”
Імкнуся не растраціць дабрыню,
Хоць выпалі на долю на маю
І горыч, і вялікая любоў
Праз холад спапялячы снягоў.
А лёс па-ціху шэпча, як замову:
“Ўся сіла ў дзецях, там твая аснова –
Развага, розум, шчасце, дабрыня…”
І лёсу веру я.
Зоя Падліпская
17 сакавіка 2021 года ў актавай зале гімназіі № 75 г.Мінска імя Масленікава П.В. у рамках Тыдня беларускай мовы і літаратуры была наладжана літаратурная гасцёўня “Музей звычайнага чалавека”, падчас якой вучні 5-6 класаў пазнаёміліся з беларускай пісьменніцай Зояй Іванаўнай Падліпскай. Гімназісты даведаліся таксама, што шаноўная госця яшчэ вядома як педагог, паэтэса, празаік, публіцыст, перакладчык, член Саюза пісьменнікаў Беларусі (2001), выдатнік друку Беларусі (2013), лаўрэат прэміі “Чалавек безбар’ернага асяроддзя – 2019”.
Зоя Іванаўна душэўна і пранікнёна расказвала пра сябе і ўласны лёс, цытавала свае творы са зборнікаў “Палон нябёсаў” (1998), “У вэлюме завей” (2005), “Малюся зорам” (2014), дэманстравала кнігі “Разам з Радзімай: песні беларускіх кампазітараў і паэтаў” (2016), раман-споведзь “Маналог у паўстагоддзя” (2019) і інш., адказвала на пытанні самых дапытлівых вучняў і параіла прачытацьсваю апошнюю кнігу - зборнік прозы на беларускай мове “Update”, міжнародны кніжны праект, які сумесна стварылі чатыры пісьменніцы (з Беларусі, ЗША і Ізраіля) і прэзентавалі зусім нядаўна.
Сустрэча законылася наказам-пажаданнем аўтара: “Пісьменнік — гэта сувязны ў культурнай прасторы паміж краінамі і народамі. Любоў і павага найперш да самога сябе, сяброўства і павага — гэта асноўныя стваральныя сілы, якія дазваляюць кожнаму сцвердзіць сябе чалавекам і быць шчаслівым. А шчаслівы чалавек — гэта шчаслівая сям’я і шчаслівае грамадства”.
У фінале размовы Зоя Падліпская зрабіла цудоўны падарунак – перадала ў дар свае шматлікія кнігі з аўтографам, а таксама пакінула запіс у Кнізе ганаровых гасцей.